«ГУКАННЕ ВЯСНЫ»
Калі вандроўкі па зімовым лесе становяцца немагчымымі, а лыжы адстаўлены ўбок, калі на вашым балконе пачынаюць плакаць ледзяшы, а ваш кот, расцягнуўшыся на дыване, прымае сонечныя ванны, можна з упэўненасцю сказаць: прыйшла вясна!
Пасля зімовых завей надыход вясны востра адчувальны – імкліва знікае з пагоркаў снег, усё празрысцей нябёсы. Салодка-гаркаватым пахам вее з лясоў і вызваленай з-пад снегу раллі. Рэкі вясной рэдка застаюцца ў сваіх берагах, пачынае ажываць і апранацца ў цудоўныя колеры прырода. Час імгненны, непаўторны, хвалюючы. Душа прагне, каб гэты цуд доўжыўся бясконца. Якая асалода глядзець на ўсё гэта!
Вясна – гэта абуджэнне прыроды пасля працяглай зімовай спячкі, пачатак жыцця. Але нават пачатак павінен мець нейкі штуршок і з нечага пачынацца. Цудоўнымі творамі выкладчыкаў-мастакоў і студэнтаў факультэта мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы гукаем і вітаем мы вясну.
Гуканне вясны – спалучэнне гэтых слоў лажыцца на слых паэтычным фразеалагізмам. Але гэта і шматвекавое народнае свята. Сама назва яго ўздзейнічае на свядомасць энэргіяй абуджэння і абвастрэння пачуццяў. Гуканне вясны – народнае свята, якое мае глыбінныя карані, што прараслі і прарастаюць у нашу сучаснасць.
Эстэтычнае ўспрыманне чалавекам веснавога прыгожага росквіту прыроды пераўтварае цудоўную людскую веру ў магічную сілу мастацтва, у жывапісную магію.
На выставе прадстаўлены творы тэкстыльнага мастацтва, мастацтва, якое асвойвае штодзённае асяроддзе чалавека і спалучае яго з прыродай.
У выставе прымаюць удзел выкладчыкі кафедры выяўленчага мастацтва: Буева Жанна Міхайлаўна (габелены), Пянькова Вольга Анатольеўна (мадэль адзення), Пакроўскі Уладзімір Мікалаевіч (мастацкі роспіс па шоўку).
Мастакі звяртаюцца да прыгажосці навакольнага свету. Іх творы поўныя паэзіі і замілавання прыродай. Работы, складаныя па колеравай нюансіроўцы, пабудаваны на танчэзных пераходах, якія перадаюць эмацыянальны настрой аўтараў, субъектыўныя перажыванні, светаадчуванне.
Выстава «ГУКАННЕ ВЯСНЫ» – гэта свята, поўнае сонечнага аптымізму, непадробленага вяселля і проста цёплага добрага настрою.
Кацярына Залецкая,
студэнтка 5 курса
факультэта мастацтваў
2008 г.